Разбіць глухую сцяну паміж культурай і палітыкай, адрадзіць забытыя беларускія традыцыі і гісторыю, прадухіліць знікненне беларускай мовы, голас якой становіцца прывідам … Аб гэтым гаварыў старшыня Баранавіцкай Рады ТБМ Віктар Сырыца падчас заняткаў у школе маладога журналіста на навучальнай прэс-канферэнцыі.
Фотоздымак intex-press.by
Віктар Антонавіч Сырыца з 1996 года з'яўляецца кіраўніком Баранавіцкай гарадской арганізацыі ТБМ, лепшай рэгіянальнай структуры ТБМ на Берасцейшчыне. Ён займае актыўную грамадзянскую пазіцыю, займаецца праваабарончай, асветніцкай і краязнаўчай дзейнасцю.
“Я размаўляў нават у турме па- беларуску, і мяне ратавала беларуская мова”
– Ці заўсёды вы размаўляеце па-беларуску? Ці размаўляюць вашы дзеці на роднай мове?
– Так, ў маім доме размаўляюць па-беларуску – і родныя, і сябры, якія прыходзяць, нават якія не ведаюць беларускай мовы. Я кажу: “Лупіце па- беларуску! Не ведаеце? Лупіце на трасянцы! Лупіце як можаце! Трэба пачынаць з памылкамі, словамі- паразітамі, няправільнымі словамі. Але лупіце, пачынайце , не саромейцеся!”
– Я ў школе спрабаваў дзень размаўляць на беларускай мове і толькі некалькі маіх сяброў падтрымалі мяне, астатнія не разумелі , што я гаварыў, а настаўніца па матэматыцы нават двойку хацела ў журнал паставіць за тое, што я размаўляю на беларускай мове, а яна не разумее, бо з Расіі.
– Ведаеце, мае браты па- беларуску не размаўляюць, на трасянцы гавораць , пляменнікі таксама больш на рускай мове. Я такі вось у нашым родзе адзін , хто карыстаецца беларускай мовай паўсядзенна: і на працы, і дома, і ў краме.
Я размаўляў нават у турме па- беларуску, і мяне ратавала беларуская мова.
Калі мяне закрылі на чацвёра сутак ў 1996 годзе ў Баранавічах, у камеры было 8 чалавек , і мне захацелася ў прыбіральню, а там можна толькі раніцай пайсці ці вечарам, калі выводзяць арганізавана , а так звычайна карыстацца трэба вядром, ну як у турме Савецкага Саюза, унітазы - гэта ў Еўропе. А там маладыя хлопцы… А мне неяк сорамна было карыстацца гэтым вядром, і я вырашыў пагрукаць у дзверы , папрасіцца у прыбіральню. “Не положено”, – крычыць мне гэты сяржант. Я зноў стукаю, думаю: ” Ну як жа ж папрасіць гэта цябе, каб ты мяне пусціў”. Пагрукаў. “Чего тебе?!” Я кажу: “ Пан афіцэр, дазвольце, калі ласка, у прыбіральню”. А там каля дзвярэй стаялі сяржанаты і гэты, да каго я звярнуўся, кажа сваім: “Слышали, козлы, как ко мне обращаться!?” Адкрывае дзверы: “Иди!” Уратаваў мой гонар. І ўжо калі раніцай гэта змена мянялася, то гэты сяржант адкрывае акенца і кажа: “Сырыца, можа ў прыбіральню хочаш?”
“Ну, як гэта ў Беларусі нельга адправіць тэлеграму па- беларуску?! “
– А ёсць нейкія парады, каб поўнасцю перайсці на беларускую мову?
– Канешне, ёсць. Па- першае, трэба чытаць “Нашу ніву”, сайт ТБМ, “Наша слова”, чытаць беларускія газеты і трэба вакол сябе ствараць такое асяроддзе: два сябра, тры сябра, і гаманіць, гаманіць абавязкова . Трэба чытаць беларускія кніжкі, слухаць музыку беларускую, і ўсё будзе добра. І не саромецца карыстацца ў краме, на пошце…
Аднойчы я пайшоў павіншаваць на пошту Ніла Гілевіча з 80-годдзем, і напісаў тэлеграму на беларускай мове, і там мне кажуць, што не могуць па- беларуску адправіць , а толькі па-руску. Я кажу : “Чаму?” Стаў з імі сварыцца, але не моцна . Было пяць чалавек у чарзе, два з якіх на мой бок сталі і – таксама на гэту супрацоўніцу. Яна ўжо плакаць стала, што не можа адправіць . Ну, як гэта ў Беларусі нельга адправіць тэлеграму па- беларуску?! І адправілі ўсе ж такі, без “ў”, але адправілі па- беларуску.
– Як на вашу думку, колькі беларускамоўных у Баранавічах?
– Цяжка сказаць. Здаецца, па перапісу 1999 года, 38 % казалі, што яны гавораць па -беларуску, а 83% апытаных пназвалі беларускую мову роднай . Па апошняму перапісу, 2009 года, 65% назвалі беларускую мову роднай. Мы не можам дакладна падлічыць, але Баранавічы на другім месцы пасля Мінску па колькасці падпішчыкаў “Нашай нівы”. Баранавічы на першым месцы па колькасці падпішчыкаў ў брэсцкай вобласці “Нашага слова” . Наш баранавіцкі сайт на ТБМ – адзін з самых лепшых па інфармацыі і наведванню . У Баранавічах мова жыве.
– Ці папулярны ў наведвальнікаў сайт ТБМ?
– Гэты сайт пачаў дзейнічаць са студзеня 2012 года. Але гэта ўсе на грамадскім пачатку, працаюць валанцёры. Я ж грошы за гэта не палучаю, колькі б я артыкулаў не даслаў, мне не плацяць і таксама тым, хто вядзе.
“Чаму адна грамадская арганізацыя можа мець у цэнтры горада офісы, а нам не то што ў цэнтры, на акраіне не даюць?!”
– Зацікаўленасць да роднай мовы, па- першае, павінна сыходзіць ад народу ці ад кіраўніцтва?
– Мне падабаецца, каб рух быў з двух бакоў. Дрэнна, калі дзяржава будзе навязваць , а народ не хоча, і таксама дрэнна наадварот. Але лепш, калі народ жадае , гэта заўседы крыніца папаўнення. – Што вы думаеце наконт таго, што Лукашэнка быў ініцыятарам рэферендума аб уводзе рускай мовы, як другой дзяржаўнай мовы ў Беларусі? Я добра разумеў тую сітуацыю. Гэта быў 1996 год . Ні адна краіна нашых суседзяў не пайшла па такому шляху, па якому пайшла Беларусь. У Польшчы – адна дзяржаўная мова, на Украіна – адна мова, у Расіі – адна мова , у Літве – адна мова, у Латвіі – адна мова. Зразумела, што правялі гэты рэферендум дзеля таго, каб не даць развівацца беларускай мове.
Ва ўмовах двухмоўя мы ніколі не падымемся. Я катэгарычна супраць быў гэтага, бо ў Канстытуцыі 1994 года было вельмі файна напісана, што дзяржаўная мова адна – беларуская , а руская мова з’яуляецца мовай міжнацыянальных зносін.
Калі ёсць дзяржаўная падтрымка, тады ёсць шанец адрадзіць родную мову. Мы з 1989 года ні капейкі не атрымалі ад дзяржавы, а БРСМ – мільёны даляраў палучае кожны год на сваю дзейнасць. Чаму адна грамадская арганізацыя можа мець у цэнтры горада офісы, а нам не тое што ў цэнтры, на акраіне не даюць?! Так і да мовы ставяцца: руская мова мае ўсе магчымасці, беларуская – не. Але ўсе залежыць ад нас.
– Вы лічыце, што наш урад не прапагандуе нашу мову народу?
– Канешне, не. Прэдзідэнт Украіны размаўляе толькі на ўкраінскай мове і інтерв’ю даюць расійскім каналам на ўкраінскай мове. А ў нас сітуацыя іншая.
Я выпесціў, зрабіў можа чалавек сто беларусаў
– Вашу арганізацыю калі-небудзь спрабавалі закрыць?
– Так. У 2009 годзе ў нас быў юрыдычны адрас у лясгасе па вуліцы Маякоўскага. Там харошы быў дырэктар, і яны нам далі юрыдычны адрас. А потым мяне выклікаюць у гарвыканкам і кажуць, што новы дырэктар адмовіў вам у юрыдычным адрасе і давайце шукайце адрас, будзем пераафармляць . Я ўжо думаў, што другі раз не зарэгіструюць, але ўдалося.
На выбарах мясцовых, парламенцкіх, прэзідэнцкіх ні адна арганізацыя не піша столькі заўваг па выбарам у суды, пракуратуру, цэнтральную камісію Ярмошынай, як сябры ТБМ. Акрамя культурніцкай дзейнасці ў нас моцны палітычны накірунак.
– А вам не падаецца, што вы для беларускай мовы зрабілі б больш, калі б не мелі такі моцны накірунак, і тады, можа, дапамога з боку ўлады была?
– Я недзе ў душы гэта разумею. Канешне, лепш было б, каб мы займаліся толькі культурніцкімі справамі, і калі я раней займаўся толькі культурай, мне былі адкрыты дзверы ў школы, тэхнікумы. Мы бралі ў арэнду гарадскі дом культуры, дом афіцэраў, а з 2005 года, калі стаў паралельна займацца палітычнай дзейнасцю, нашы справы значна пагоршыліся. Я гэта разумею, але хочацца нейкіх і палітычных перамен.
– Але вы не дасягаяце поспехаў ні ў сваёй прамой справе развіцця і захавання мовы, ні ў палітыцы…
– Мы абмяркоўваем гэта. Адны кажуць, што трэба займацца толькі культурніцкай дзейнасцю, а другія – і культурніцкай, і палітыкай, бо мы грамадска- палітычнае аб’яднанне. Хаця беларуская мова – гэта ўжо палітыка! Лепш было, каб займаліся толькі культурніцкай дзейнасцю, але вымушаны займацца і гэтым, таму што няма у нас палітычна актыўных людзей.
– Які, на ваш погляд, самы вялікі ўклад вы зрабілі для Баранавічаў?
– Я кірую ТБМ ў самы неспрыяльны час. Усе ж такі ў 90-я гады была нейкая рамантыка, надзея на лепшае , а вось мая дзейнасць прыпала на той перыяд, калі беларуская мова з боку дзяржавы прыціскаецца і не мае магчымасці развівацца.
Шэсць гадоў у нас была свая перадача на баранавіцкім радыё. Спачатку 15 хвілін мы выступалі, а потым 30 хвілін . Колькі нам пісалі, дзякавалі!
Таксама мне падабаецца арганізоўваць сустрэчы з пісьменнікамі. На нашы сустрэчы,калі мы яшчэ мелі магчымасць арэндаваць дом афіцэраў ці дом культуры тэкстыльшчыкаў, прыходзілі сотні людзей, і такія сустрэчы, калі поўная зала цябе слухала, ці таго, хто прыехаў з Менску , – гэта натхняла на далейшую працу.
Я выпесціў, зрабіў можа чалавек сто беларусаў, школьнікаў, якія ўжо ніколі не адракуцца ад беларускай мовы . Гэта можна на першае месца паставіць! Яны былі ябыякавыя да беларускай мовы. Пасля таго, як павучыліся ў мяне на працягу года( я іх вучыў гісторыі Беларусі), яны ўсе выйшлі з выдатным веданнем мовы, гісторыі, і, я лічу, яны сталі патрыетамі.
Запісала Ірына Тарасевіч, Баранавіцкая ШМЖ




Комментариев нет:
Отправить комментарий